У арганізацыі ён працуе з 2009 года, а веды па спецыяльнасці набываў у Клічаўскім аграрна-тэхнічным каледжы.
- У чэрвені 2007-га атрымаў дыплом і адразу - у армію, - распавядае Сяргей Леанідавіч. – Служба пачалася з месяца каранціну. Потым тры месяцы – вучэбка ў Барысаўскіх Пячах. У 72-м агульнавайсковым вучэбным цэнтры атрымаў спецыяльнасць механіка-вадзіцеля шматвосевых машын. Прысвоілі званне вадзіцеля трэцяга класа. З 30 жніўня да 3 лістапада прайшоў падрыхтоўку і марш на машыне МАЗ-543 пяцьдзясят кіламетраў на палігоне вайсковой часці.
– У армію я ішоў служыць з жаданнем, - дадае Сяргей Леанідавіч, - але адаптаваўся не адразу. Давялося прывыкаць да іншага распарадку дня, да ранняга пад’ёму, дысцыпліны, асабліва няпроста было прывыкнуць да армейскага харчавання.
Але гэта добрая магчымасць праверыць свае сілы, натрэніраваць і ўмацаваць сілу волі...
Дарэчы, мой бацька Леанід Іванавіч – воін-інтэрнацыяналіст. Распавядаў, як спачатку праходзіў ваенную падрыхтоўку ў Паўлаўскай вучэбцы, што ў Ленінградскай вобласці, як потым трапіў у Афганістан (служыў ён пад Кундузам, у 149-ым гвардзейскім мотастралковым палку. Дадому вярнуўся 23 лютага ў 1986 годзе). Ён таксама працуе ў Бярэзінскім лясгасе, лесніком Бярэзінскага лясніцтва.
Армія – гэта сапраўдная школа жыцця. Гэта Сяргей Ванкевіч ведае па сабе:
- Я ў лясгасе гадоў 10 працаваў інжынерам-механікам, а ў 2019-ым прапанавалі пасаду галоўнага механіка. Не адразу, але згадзіўся. Дарэчы прыйшліся армейскія навыкі, калі больш адказнасці адчуваеш і нясеш яе не толькі за сябе, а і за сваіх таварышаў, цяпер - па працы. Таму лічу – служыць патрэбна!.. І нават ваенны білет штодзень нашу с сабой.
Менавіта так - і самому карысна, і бацькам не сорамна – адслужыў у арміі Сяргей Леанідавіч. Набыў трывалыя веды, загартаваў характар, прайшоў армейскую фізічную падрыхтоўку. І такія высокія паняцці, як любоў да Радзімы, адказнасць, абавязак, гонар і сёння, і ва ўсе часы, з’яўляюцца для яго свяшчэннымі. З Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь заўсёды віншуюць яго каханыя дачушка Дар’я і жонка Іна, з якой сустрэўся таксама ў Барысаве, будучы ў дэмбельскім адпачынку.
Алена ГРОМАВА, Бярэзiнская Панарама.
Фота аўтара.