На варце законных інтарэсаў — юрысконсульт
- Подробности
-
Опубликовано: 29 ноября 2019
Заўтра, у першую нядзелю снежня, у нашай краіне адзначаецца Дзень юрыста. Гэта свята тых, хто абараняе нашы законныя правы і інтарэсы: адвакатаў, суддзяў, юрысконсультаў. Большасць з нас маюць цьмяныя ўяўленні аб юрыспрудэнцыі, між тым, без гэтых спецыялістаў ніяк не ўявіць бесперабойную дзейнасць арганізацыі. Таму юрысконсульт ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас” Юлія Мікалаеўна Галузава штодзень у ліку першых наведвае кабінет кіраўніка і слыве незаменным работнікам.
- Вось ужо тры гады на маім календары два прафесійныя святы – дзень работнікаў лясной гаспадаркі і дзень юрыста, — расказвае дзяўчына.
- Калі гаварыць сур’ёзна, юрысконсульт павінен ведаць не толькі заканадаўства, але і валодаць спецыфікай дзейнасці прадпрыемства і паважаць інтарэсы сваіх работнікаў. Праўда, звяртаюцца работнікі лясгаса да свайго юрысконсульта рэдка. Большасць з іх даўно ведае свае правы і абавязкі, не дапускае парушэнняў працоўнай дысцыпліны. Аднак ад гэтага ў Юліі Мікалаеўны спраў не менш. Працоўны дзень юрысконсульта складаецца з вусных кансультацый кіраўніцтву па прававых пытаннях, напісання іскавых заяў, скаргаў, хадайніцтваў, прадстаўлення інтарэсаў у судзе па грамадзянскіх, адміністрацыйных, крымінальных справах. Штомесяц стос папер на рабочым стале не змяншаецца, ды і падручнікі па заканадаўстве на паліцы не запыльваюцца. — З уласнай практыкі ведаю: не бывае аднолькавых сітуацый. Кожная нестандартная і кожны раз пазнаеш нешта новае, — прызнаецца яна.
- Пастаянна трэба быць уважлівым, акуратным, дакладным, валодаць пэўным прадказальным талентам, а яшчэ развівацца, сачыць за заканадаўствам, самаўдасканальвацца. Таму магу пасля працы яшчэ дома гадзінамі абдумваць кожны радок дакумента. Ды я ўжо прызвычаілася працаваць у такім рытме. Юлія Мікалаеўна скончыла факультэт права Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, пачынала працоўную дзейнасць у аддзеле прымусовага выканання пакаранняў. — Гэты час быў для мяне няпростым, бо даводзілася не толькі на практыцы правяраць свае веды, але і рэальна сутыкацца з людзьмі, якія трапілі ў няпростую жыццёвую сітуацыю. Таму пасля такой рэальнай юрыдычнай практыкі мяне, уласна кажучы, нічога не напалохае. Зычу сваім калегам моцнага здароўя, вялікага цярпення і настойлівасці ў нялёгкай юрыдычнай справе.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.