Нарадзіўся ў Дзень Перамогі
- Подробности
-
Опубликовано: 15 мая 2020
Іван Ільіч Галуза штогод сустракае дзень 9 Мая з асаблівым хваляваннем, бо гэта не толькі значная дата для ўсяго беларускага народа, а і дзень яго нараджэння.
У гэтую вясновую пару, калі белым квеценем радуюць вочы вішанькі і яблынькі ва ўласным падворку, і настрой асаблівы, які нават цяжка перадаць словамі.
Сёлета Іван Ільіч адзначае свой 80-гадовы юбілей.
У Арэшкавіцкім лясніцтве ДЛГУ «Бярэзінскі лясгас» Іван Галуза прарабіў майстрам лесу 33 гады. У Арэшкавічах і нарадзіўся, ведае гэтыя мясціны як свае пяць пальцаў, бо пратаптаў іх, як кажуць, і ўдоль і ўпоперак.
— Гэта зараз, вядома, працаваць лягчэй, — гаворыць Іван Ільіч, — а тады тэхнікі такой не было, усё пешшу адмяраў. Да 1972 года я быў майстрам у Барысаўскім хімлясгасе, потым тэхнікам-лесаводам у Чэрвеньскім, адтуль трапіў у Бярэзінскі лясгас.
За сваю шматгадовую працу Іван Ільіч быў удастоены, акрамя шматлікіх грамат, звання «Майстар лесу другога класа» ў 1986 годзе, а ў 2010-м узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь «Ганаровы лесавод». На Бярэзіншчыне ён пакуль адзіны, хто быў адзначаны на такім высокім узроўні.
Здаецца, Іван Галуза гадам не падуладны: жвавы, усмешлівы, руплівы і бадзёры. У вёсцы Манча, дзе Iван Iльiч з жонкай некалі купілі дом і гадавалі дзяцей, ён зараз жыве адзін, але не адчувае сябе адзінокім. Наведваюцца і пасынак, і дачка з Барысава, і тры сястры, і пляменнікі, і сацыяльны работнік. А сын, хоць і апынуўся ў Расіі, але таксама часта прыязджае да бацькі. Вядома, планы на сёлетні год змяніліся ў сувязі з абстаноўкай у свеце з-за COVID-19. Сёлета нават сам забараніў сыну прыязджаць у госці, бо трэба перажыць гэтую навалу, перачакаць.
А штодзённыя вясковыя будні, любімыя друкаваныя выданні сумаваць не даюць. Як і падабае добраму гаспадару, на прысядзібным участку Івана Ільіча расце ўсё, што патрэбна да хлеба на стале, — морква, агуркі, буракі, цыбуля, зеляніна і, канечне, бульба. Як жа інакш?!
Як некалі на працы славіўся яго майстарскі ўчастак — лідар шматлікіх спаборніцтваў сярод майстарскіх участкаў лясгаса, так зараз славіцца і яго сядзіба ў Манчы, куды нярэдка наведваюцца прадстаўнікі адміністрацыі ДЛГУ «Бярэзінскі лясгас» — да свайго шаноўнага работніка і проста шчырага, спагадлівага чалавека.