Калектыў адметны яшчэ тым, што мае шэраг сваіх мнагадзетных прадстаўнікоў. У іх ліку і ляснічы Аляксандр Юрчанка, і яго памочнік Пётр Кавалеўскі, і майстар лесу Ірына Лышко, а з сямейных дынастый вядомыя больш шырэй за межамі лясніцтва і лясгаса (бо яны ўжо траплялі на старонкі раённай газеты) леснікі Барздовы – бацька Віктар Мікалаевіч і сын Віталій. Дарэчы, спіс сямейных дынастый у бліжэйшым часе папоўніцца. Бо сын Ірыны Лышко Аляксей сёлета паступіў у Полацкі лясны каледж.
Паколькі Аляксандр Юрчанка знаходзіўся на момант нашага візіту ў чарговай працяглай камандзіроўцы, як і належыць, на гэты час яго замяніў памочнік ляснічага.
Пётр Кавалеўскі – адказны добрасумленны работнік і мнагадзетны бацька са стажам. З лесам звязана ўсё яго жыццё – ён вырас каля лесу, сам з дынастыі лесаводаў, у якой ужо чатыры пакаленні мужчын звязваюць свой лёс і лёс сваіх сем’яў з лесам.
Памочнікам ляснічага Пётр Бранісла-вавіч працуе з 2007 года, з таго самага моманту, як трапіў маладым спецыялістам па накіраванні ў Бярэзінскі лясгас.
А зараз ён галава сям’і, у якой выхоўваюцца чацвёра дзяцей.
– Жонка Святлана Уладзіміраўна пасля дэкрэтнага водпуску пайшла працаваць жывёлаводам на малочнатаварную ферму «Уюноўка», – гаворыць Петр Браніслававіч. – Зараз вядзём дабудову нашага дома. Шмат ужо зрабілі, але патрэбна прыкласці яшчэ нямала намаганняў, каб усё давесці да ладу. Кожны ўносіць сваю пасільную лепту. Нават дзеці. Самы старэйшы з іх – Дзмітрый. Ён вучыцца ў дзясятым класе, ён і першы памочнік для нас, бацькоў. Дачка Дар’я – сямікласніца, Лізавета – вучаніца пятага класа. Самаму малодшаму сыну Паўлу споўнілася 5 гадоў.
Дзень бацькі – свята для ўсіх пакуль новае, а дзеці больш шчыра адгукаюцца на ўсе святы, стараюцца вучыцца, каб пахваліцца сваімі добрымі адзнакамі, парадаваць мяне з жонкай. Дочкі песнямі могуць павіншаваць, яны займаюцца вакалам у сельскім Доме культуры. Музычныя здольнасці дзяўчынак заўважыла іх педагог і дырэктар установы Таццяна Несцяровіч. А малодшы Паўлік да свята звычайна рыхтуе віншаванкі, зробленыя сваімі рукамі, і абавязкова малюнак, дзе побач з ім – матуля і татка, а астатнія (брат і сястрычкі) на альбомным лісце пакуль не змяшчаюцца.
Сёлета дзеці разам з бацькамі садзілі на сваім прысядзібным участку пладовыя дрэвы – яблынькі і грушы. Каб у будучым яны дарылі сваім гаспадарам шчодрыя ўраджаі, каб далейшае жыццё было такое ж салодкае, «изобильное», як і іх плады.
Бярэзiнская Панарама