Прырода шчодра адарыла Бярэзінскую зямлю лясамі. Гэта неад’емная частка раёна, яго гонар і багацце, дзякуючы якому наша зямля з’яўляецца ўнікальным кутком на карце.
Больш за палову тэрыторыі займаюць лясы ў раёне. Адсюль важнасць і значнасць працы работнікаў лясной галіны, іх неацэнная роля ў ахове і адраджэнні лясоў.
У пятніцу, 30 ліпеня, работнікі Бярэзінскага лясгаса адзначалі 85-гадовы юбілей арганізацыі — маштабна і шыкоўна.
На гарадской плошчы былі арганізаваны выставы тэхнікі лясной і дрэваперапрацоўчай прамысловасці, дэкаратыўна-прыкладной творчасці; фотавыстава, прысвечаная гісторыі развіцця арганізацыі; паказальныя выступленні майстроў-лесарубаў, пераможцаў шматлікіх спаборніцтваў вальшчыкаў не толькі раённага, абласнога, а і міжнароднага ўзроўняў. Іграў аркестр, яго выступленне мянялі артысты мастацкай самадзейнасці Бярэзіншчыны і таленавітыя калектывы са Стаўбцоўскага і Чэрвеньскага раёнаў. Раздолле было і для дзяцей — працавалі шматлікія забаўляльныя пляцоўкі, атракцыёны, каруселі, батуты, фотазоны. Жадаючыя паспрабавалі прадукцыю, прыгатаваную ў сталовай Бярэзінскага лясгаса.
Незвычайным сюрпрызам для ўсіх стала з’яўленне на шыкоўнай карэце імправізаванага графа Патоцкага ў суправаджэнні дамы, які павіншаваў работнікаў лясной галіны і запрасіў у раённы цэнтр культуры для далейшага правядзення ўрачыстай часткі мерапрыемства.
Старонкі гісторыі
Немагчыма гаварыць пра арганізацыю, не прыгадаўшы яе гісторыі, яе вытокаў. Бярэзінскі лясгас быў створаны 2 ліпеня 1936 года Пастановай Бярэзінскага выканаўчага камітэта і Савета народных камісараў СССР, у 1937-ым годзе праведзены першыя работы па лесааднаўленні.
Здавалася — наперадзе доўгая праца на карысць краіны, але ўсё перакрэсліла вайна. Работнікі лясгаса пайшлі на фронт, у падполле, у партызанскія атрады. Адзін з будучых кіраўнікоў лясгаса Кандрат Баранаў быў камандзірам 120-га партызанскага атрада, а потым сакратаром падпольнага райкама партыі. 3 ліпеня 1944 года Беразіно было вызвалена ад фашысцкіх захопнікаў, а ўжо 5-га ліпеня першы пасляваенны дырэктар Іван Хвашчэўскі выдаў загад №1 па Бярэзінскім лясгасе аб аднаўленні работы. Загадам №3 ад 10 ліпеня былі адноўлены лясніцтвы і прызначаны ляснічыя, лесатэхнікі і аб’ездчыкі – людзі, адданыя справе, гатовыя з руін падымаць рэспубліку. Трэба было зноўку саджаць лес, адбудоўваць гарады і вёскі. Для ўсяго быў патрэбен лес. Праца была ручной, механізацыі аніякай. Гэта цяпер ёсць і лесанарыхтоўчыя камбайны, і трактары-лесавозы, і спецыяльныя лесатранспарцёры, названыя Харвестэрамі і Фарвардэрамі, а тады толькі конь быў у дапамогу…
У канцы 60-ых у лясгасе заклалі базісны гадавальнік, ён носіць званне ўзорнага, якое пацверджана і ў гэтым годзе. Работы тут вядуцца па самых перадавых тэхналогіях.
А ў 1976 годзе была арганізавана паляўнічая гаспадарка. Таксама ў 70-ыя гады створаны пчальнік, цяпер у Арэшкавіцкам лясніцтве ўтрымліваюцца 100 пчоласем’яў. Пасляваенны час быў часам герояў. Людзі працавалі ў вельмі складаных умовах. І ў цяперашніх заслугах лясгаса ёсць вялікая доля тых, хто не шкадаваў сваіх сіл у тыя няпростыя часы. Таму тут так шчыра шануюць і клапоцяцца пра сваіх ветэранаў працы, не забываюць іх ні ў святы, ні ў тыя моманты, калі ім патрэбна дапамога. Сярод былых кіраўнікоў лясгаса – Кандрат Баранаў, Іван Хвашчэўскі, Уладзімір Турко, Мікалай Грыва, Мікалай Баранаў, Юрый Шумскі, галоўныя ляснічыя — Кастусь Скуратовіч, Леанід Зайцаў, Адам Аўрамчыкаў, Мікалай Задруцкі і многія іншыя лесаводы, дзякуючы каму лясгас жыве, расце і развіваецца.
Лясгас сёння
Сёння Бярэзінскі лясгас — гэта высокаразвітое прадпрыемства: 10 лясніцтваў, 3 цэхі па перапрацоўцы драўніны, пчальнік, лесапункт, паляўнічы комплекс. Кожны год абнаўляецца яго база, набываецца самая дасканалая сучасная тэхніка. З нядаўніх набыткаў – лесапасадачная машына, дыскавая лесагаспадарчая барана Нізінскага, вал Кракоўскага. За апошнія гады рэканструяваны ўсе адміністрацыйныя будынкі ўсіх лясніцтваў, на базе лясгаса пабудаваны гаражы-боксы, новы адміністрацыйна-бытавы будынак са сталовай, лесапільны цэх з сучаснай лініяй. Лясгас у поўнай меры рэалізуе ўсе задачы, пастаўленыя дзяржавай, ахоўваючы лес, выконваючы вытворчыя паказчыкі, пастаўляючы на рынак (у тым ліку знешні) прадукцыю дрэ-ваапрацоўкі. Яго галоўны капітал – адданыя сваёй справе людзі, якія ўпэўнена глядзяць у заўтрашні дзень. А інакш і быць не можа. 85 гадоў — узрост сталасці, узрост саспелай хвоі …
«Наперад і толькі наперад!»
– Наш юбілей мы вымяраем не толькі гадамі, але і тысячамі гектараў пасаджанага лесу, –гаварыў у сваім выступленні дырэктар Бярэзінскага лясгаса Сяргей Чэмка. – Мы ганарымся сваёй гісторыяй, нашымі агульнымі поспехамі, дасягненнямі перадавікоў, сямейнымі дынастыямі. І хочам, каб гэты гонар перадаваўся наступным пакаленням работнікаў Бярэзінскага лясгаса. Дзякуй ветэранам і вам, цяперашнія работнікі, за высокую самааддачу і адказнасць, за працу на карысць лясгаса, раёна, вобласці, рэспублікі. Наш дэвіз — «Наперад і толькі наперад!».
– Лес – гэта наша багацце, гэта лёгкія нашай планеты, – адзначыў дэпутат, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іван Мамайка, — і, дзякуючы вашай нястомнай працы, яны добра функцыянуюць. Ад імя парламента нашай краіны я дзякую вам за вашу працу, жадаю здароўя, абрабыту.
Сярод ганаровых гасцей урачыстасці – з падарункамі і віншаваннямі на сцэну падымаліся памочнік дэпутата Алег Тулейка, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінскага аблвыканкама Мікалай Кухавец, начальнік аддзела навукі, прававой і кадравай работы Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Сяргей Юшкевіч, Генеральны дырэктар Мінскага ДВЛГА Яўген Крыскевіч, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Чэслава Гоева і інш.
Узнагароды
За вялікі ўклад у рэалізацыю сацыяльнай і эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь Іван Андрэевіч уручыў Сяргею Чэмка нагрудны знак і Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а таксама Падзяку Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь вальшчыку лесу Пагосцкага лясніцтва Сяргею Шкудрову.

Дэпутат, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іван Мамайка ўручае вышэйшую ўзнагароду дырэктару Бярэзінскага лясгаса Сяргею Чэмка
Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны ляснічы Пагосцкага лясніцтва Леанід Салаўёў і намеснік кіраўніка арганізацыі па ідэалагічнай работе Віталій Умінскі.

Граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь адзначаны вальшчык лесу Арэшкавіцкага лясніцтва Аляксандр Бандарчык, начальнік аддзела прамысловай вытворчасці Святлана Асланян, станочнік дрэваапрацоўчых станкоў вытворча-майстарскага ўчастка «Беразіно» Сяргей Літвінаў, ляснік Брадзецкага лясніцтва Сяргей Яроцкі.
Граматай Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання ўзнагароджаны памочнік ляснічага Бярэзінскага лясніцтва Ганна Гемская, ляснічы Ушанскага лясніцтва Іван Лукашэвіч, спецыяліст па маркетынгу Міхаіл Рэчыц. Падзякай старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта адзначаны трактарыст па падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу Пагосцкага лясніцтва Міхаіл Гарбар і трактарыст-машыніст гадавальніка Васіль Шклейнік.
Ганаровай граматай Мінскага ДВЛГА узнагароджаны майстар лесу Любушанскага лясніцтва Андрэй Цэдрык і ляснічы Брадзецкага лясніцтва Дзмітрый Мяшалкін…

Немагчыма на газетнай старонцы агучыць імёны і прозвішчы ўсіх узнагароджаных падчас гэтага выдатнага маштабнага мерапрыемства. Атмасфера ў зале панавала ўрачыстая і незвычайная. Шмат добрых віншаванняў і пажаданняў, шмат падарункаў і запамінальных момантаў, фотаздымкі на памяць для захавання гэтай гістарычнай падзеі, кветкі для ветэранаў працы лясгаса, канцэртная праграма вакальна-інструментальнага ансамбля «Сябры» і Мікалая Ярмоленкі. А ў завяршэнні мерапрыемства — пырскі шампанскага і залаты святочны дождж дадаў незабыўных уражанняў ўсім прысутным у зале…
Са святам, лесаводы! Хай для вас і ў далейшым спяваюць і лясы, і сябры!
Матэрыял газеты "Бярэзiнская панарама"
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.