- Подробности
-
Опубликовано: 16 сентября 2020
З Андрэем Куляшовым мы сустрэліся ў лесе. І не дзіўна, бо гэта яго асноўнае месца працы. У лясной гаспадарцы Андрэй Мікалаевіч шчыруе ўжо на працягу амаль 20-ці гадоў.
У Багушэвіцкае лясніцтва ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас” ён уладкаваўся адразу пасля службы ў арміі, але тое, што звяжа свой лёс з лесам, ведаў дакладна яшчэ “са школьнай лаўкі”, калі ўпершыню іх клас наведаў лясніцтва.
“І накорміць, і сагрэе…”
— Толькі днямі абкошваў маладзенькі сасоннік, — пачаў ён размову, — а сёння нас (мяне і яшчэ дваіх леснікоў) задзейнічалі ў ліквідацыі наступстваў чэрвеньскага ўрагану. Ён прайшоўся па тэрыторыі нашага лясніцтва, пакінуўшы месцамі свае разбуральныя сляды.
Дзень быў хоць і летні, аднак халодны. Але каля вогнішча, дзе палалі знішчаныя ўраганным ветрам зламаныя ствалы і галінкі дрэў, было цёпла. Драўніна палала і сагравала.
— Для мяне лес – асаблівае і дарагое месца з дзяцінства, — гаворыць Андрэй Мікалаевіч. — Ён і накорміць, і сагрэе, і схавае, калі патрэбна, але і догляду патрабуе, і клопату. А клопатаў у леснікоў заўсёды дастаткова, у любую пару года, незалежна ад надвор’я.
У абавязкі лесніка ўваходзяць перш за ўсё ахова лесу, абарона яго ад браканьераў, ад караеда, догляд лясных насаджэнняў, папярэджанне ўзнікнення пажараў (кожны з леснікоў дзяжурыць па графіку). Леснікі таксама праводзяць лесанарыхтоўкі, адводзяць дзялянкі для высечак, ажыццяўляюць кантроль за якасцю іх правядзення, своечасовай рэкультывацыяй лясных угоддзяў, пасадкай на месцах высечкі старых дрэў маладых саджанцаў і інш.
“Мнагадзетныя па традыцыі”
Гадаваўся Андрэй у мнагадзетнай сям’і — акрамя яго, бацькі выхоўвалі яшчэ траіх сыноў. Жылі ў вёсцы Якшыцы. Маці Зінаіда Уладзіміраўна працавала даяркай, бацька Мікалай Аляксандравіч быў даглядчыкам жывёлы ў мясцовым калгасе. Старэйшы Сяргей пайшоў бацькоўскай сцежкай, працуе ў сельскай гаспадарцы. Віктар уладкаваўся ў раённым цэнтры, а брат Аляксандр, старэйшы за Андрэя на 4 гады, таксама працуе ў Багушэвіцкім лясніцтве, вальшчыкам.
— Я першыя чатыры гады свайго працоўнага стажу шчыраваў лесніком, а потым таксама вывучыўся на вальшчыка, — распавядае Андрэй Мікалаевіч, — і з 2005 года пераводам быў аформлены ў Асіповіцкі лясгас. Там вальшчыкам адпрацаваў 13 гадоў. А потым вярнуўся зноўку ў Багушэвіцкае лясніцтва і астатні час спалучаю гэтыя дзве спецыяльнасці. Пад маім наглядам знаходзіцца абыход №13, у межах якога 935 гектараў лясных угоддзяў.
У Андрэя Мікалаевіча сям’я таксама мнагадзетная: разам з жонкай Аленай Уладзіміраўнай гадуюць трох сыноў. Здаецца, зусім нядаў-на хлапчукі цікавіліся творчасцю, навучыліся ткаць паясы, удзельнічалі разам з бацькамі ў шматлікіх мясцовых і раённых культурных мерапрыемствах… А сёння
яны – узмужнелыя юнакі: старэйшы Дзмітрый праходзіць службу ў арміі, Вадзім набывае веды ў Акадэміі МУС, а малодшы Антон — пакуль дзесяцікласнік, але ўжо марыць аб ваеннай Акадэміі.
У гармоніі з прыродай
Андрэй Мікалаевіч і Алена Уладзіміраўна стараюцца дапамагаць сваім дзецям, каб іх мары ажыццявіліся і сталі явай. Бо гэта вельмі важна ў жыцці – адчуваць гармонію сваёй душы, свайго існавання з навакольным асяроддзем. У гармоніі з прыродай, у згодзе з калектывам жыве і сам Андрэй Мікалаевіч. Таму і не ведае стомы – лес стаў важнай часткай яго жыцця, і адносіны да яго асаблівыя – беражлівыя і гаспадарскія, уважлівыя і добрасумленныя.
— Прырода – наша сапраўднае багацце, — гаворыць Андрэй Мікалаевіч. – Але нельга чэрпаць з яе бяздумна і бязмежна, трэба прыкладваць усе намаганні, каб яна магла захоўваць і ўзнаўляць свае рэсурсы, дапамагаць і клапаціцца, не засмечваць, не знішчаць, а наадварот, ахоўваць. Каб больш ніколі не трапіла ў Чырвоную Кнігу ніводная істота.
* * *
… Пакуль гаманілі, неба зацягнула шэрая хмара, зноўку збіраўся дождж. Але сярод шэрых фарбаў увагу прыцягнуў жоўты россып лісічак. Дзякуй, дзякуй, мілы лес, за пачастунак! Нізкі паклон табе, у самы пояс…
- Подробности
-
Опубликовано: 11 сентября 2020
В субботу, 12 сентября 2020 года, состоится прямая телефонная линия с первым заместителем Министра лесного хозяйства Республики Беларусь Шатравко Валентином Геннадьевичем. Задать интересующие вопросы первому заместителю Министра можно будет по телефону 8 017 200-46-05 с 9.00 до 12.00 часов.
- Подробности
-
Опубликовано: 09 сентября 2020
Рядом с флагом страны - флаг лесников! Вместе создаем мирную, красивую, любимую Беларусь.